ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеі вял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш. абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)